БЕ́ЛЬСКІ ПРЫВІЛЕ́Й,

прывілей, абвешчаны вял. кн. ВКЛ Жыгімонтам II Аўгустам 1.7.1564 на сойме ў г. Бельск Падляшскага ваяв. Паводле Бельскага прывілея ўтвараліся выбарныя шляхецкія саслоўныя суды, на месцах суд. органы аддзяляліся ад велікакняжацкай адміністрацыі. Духоўныя суды (каталіцкія і праваслаўныя) захоўваліся. Абвяшчалася роўнасць шляхты перад законам. Нормы Бельскага прывілея ўвайшлі ў Статут Вялікага княства Літоўскага 1566.

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)